1 верасьня 2026 году цягнік № 302 Менск — Адлер затрымалі ў Гомлі, а сустрэчны № 301 Адлер — Менск накіравалі ў аб'езд праз Крычаў, Магілёў і Асіповічы. Паводле зьвестак крыніц «Супольнасьці беларускіх чыгуначнікаў», прычынай стаў чарговы падрыў чыгуначных каляінаў у межах станцыі Ўнеча, пасьля чаго станцыю часова зачынілі, і яна не прымала цягнікоў.
Паводле раскладу адпраўленьне зь Менску было прадугледжана, а 11:21, з Гомлі — а 16:17. У афіцыйным паведамленьні спаслаліся на тэхнічныя прычыны, якія не залежаць ад Беларускай чыгункі. Аб падрыве і пашкоджаньні шляхоў у паведамленьні ня згадвалася.
Для сустрэчнага цягніка № 301 Адлер — Менск, які адправіўся з Адлера 30 жніўня, абвясьцілі зьмену маршруту і чаканае спазьненьне прыкладна на 4 гадзіны. Тут БЧ спаслалася на апэратыўную інфармацыю «Расейскай чыгункі» і тую ж фармулёўку аб тэхнічных прычынах.
Праз баявыя дзеяньні і пагрозы дывэрсій вайсковыя эшалёны і вагоны з выбуховымі матэрыяламі сталі накіроўваць у абыход Унечы. Пазьней на абыходныя маршруты перавялі і гружаны нафтаналіў Мазырскага НПЗ.
Пасажырскія цягнікі пры гэтым працягваюць рухацца праз Унечу, нягледзячы на пагрозу падрываў і ўдараў дронаў па чыгуначнай інфраструктуры.
Пры перавозцы выбуховых матэрыялаў — небясьпечных грузаў клясы 1 — падрыў каляінаў і сыход вагонаў ствараюць дадатковую пагрозу выбуху грузу. Для вайсковага эшалёна наступствамі могуць стаць гібель і раненьні асабовага складу, страта ўзбраеньня і вайсковай тэхнікі, зрыў тэрмінаў перакіданьня. Для пасажырскага цягніка ўсё можа скончыцца масавымі ахвярамі, але кіраўніцтва чыгункі не пераводзіць такія цягнікі на іншыя маршруты.
Пасьля пачатку ў лютым 2022 году паўнамаштабнай вайны супраць Украіны, Расея сутыкнулася з праявамі партызанскага змаганьня. На чыгунцы, як на тэрыторыі самой Расеі, адкуль адпраўляліся вайсковыя эшалёны, так і Беларусі, празь якую ішла частка саставаў, адбыліся сотні буйных і дробных здарэньняў. Спальваліся рэлейныя шафы, падрываліся рэйкі, каб запаволіць рух войскаў ува Ўкраіну.
Нават прыцягненьне вайскоўцаў і спэцслужбаў да сачэньня за чыгункай ня можа спыніць дывэрсій.
Папярэднія атакі дронаў на Браншчыне
Пачатая Расеяй вайна справакавала адказы Ўкраіны. Штодня над Бранскай вобласьцю, у непасрэднай блізкасьці да Беларусі, пралятаюць ударня бесьпілётнікі. У атаках ужо гінулі людзі, пашкоджаньняў зазнавала тэхніка. Найбольш рэзанансным эпізодам стала атака бесьпілётніка на станцыю Ўнеча, якая адбылася 21 траўня 2026 году. Як сьцьвярджаюць расейскія крыніцы інфармацыі, у выніку простага трапленьня бесьпілётніка ў манэўравы цеплавоз загінулі трое супрацоўнікаў Расейскай чыгункі: машыніст, памочнік машыніста і агляднік-рамонтнік вагонаў.
Сэрыя атак на Ўнечу і Бранскі чыгуначны вузел, а таксама гібель супрацоўнікаў «РЖД» пры ўдары па манэўравым цеплавозе 21 траўня наўпрост паўплывалі на настроі ў лякаматыўным дэпо «Гомель», на Гомельскім аддзяленьні БЧ. Сярод лякаматыўных брыгад рэзка зьнізілася гатоўнасьць рухацца з грузавымі цягнікамі на тэрыторыю Расеі, паведамляла СЧБ.
Улетку 2026 году на Браншчыне атак зазналі два аўтобусы зь беларускімі адпачыньнікамі.
Праз паўмесяца, 2 ліпеня на стаянцы памежнага пункту пропуску «Красны Камень» на Браншчыне бесьпілётнік ударыў у аўтобус «Менск — Гомель — Анапа». Два кіроўцы атрымалі траўмы, але неўзабаве былі выпісаныя са шпіталя.
(0)Comments