Аўтар варшаўскіх «вадалазаў» абвясціў пра пераезд з Польшчы. Беларускі мастак Міхась Мішук з'язджае ў Германію і больш не зможа клеіць і рэстаўраваць на варшаўскіх сценах сваіх вадалазаў. Апошнія буйнафарматныя творы апынуліся ў Вісле і некаторых вадаёмах сталіцы, аўтар спадзяецца, што яны там прастаяць да вясновай паводкі.
Міхась Мішук пражыў у Варшаве тры гады. За гэты час ён прыклеіў да варшаўскіх сцен некалькі сотняў малюнкаў вадалазаў. І нават займеў фанаў, якія абʼядналіся, каб калекцыянаваць і посціць здымкі яго новых малюнкаў.
«Дзякуй і будзем сумаваць», – піша ў каментары пад навіной намеснік кіраўніка варшаўскага раёна Жалібаж, у якім мастак некалі паставіў свайго вадалаза і заслужыў ухвальны допіс ад кіраўніцтва раёна, якое было рада прыняць такую цікавостку.
Сапраўды, нават у варшаўскіх польскамоўных групах, прысвечаных гарадскім падзеям, часам можна сустрэць новыя здымкі вадалазаў. Асабліва падабаюцца жыхарам горада вадалазы, якія дастаюць з вады русалку – сімвал сталіцы.
А нам застаецца пазайздросціць універсітэцкаму гораду ў Германіі. Але Міхась Мішук не развітваецца з варшавякамі: «Хто ведае, можа, я яшчэ сюды вярнуся», каментуе ён свой адʼезд.
Дарэчы, мастак распрадае свае графічныя творы. Скантактавацца можна на яго старонцы.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram
(0)Comments